Сяргей Пясецкі (1901-1964)


Сяргей Пясецкі


Сяргей Пясецкі — неардынарны творца і разам з тым чалавек з надзвычай складаным жыццёвым лёсам. Пісьменнік нарадзіўся 1 красавіка 1901 г. у Ляхавічах як пазашлюбнае дзіця беларускага шляхціца Міхала Пясецкага, паштовага чыноўніка, і ягонай служанкі Клаўдзіі Кукаловіч. Неўзабаве пасля нараджэння сына Міхал расстаўся з Клаўдзіяй і выхоўваў хлопчыка самастойна, а калі таму споўнілася 11 год, усынавіў яго і даў сваё прозвішча.

Дзяцінства Сяргея прайшло ў самотным сузіранні прыроды і чытанні кніжак, пераважна рускай класікі: Купрына, Чэхава, Дастаеўскага, Загоскіна. Маючы свабодалюбны і ўпарты характар, хлопец змалку, як мог, змагаўся з несправядлівасцю. Сёмы клас расійскай гімназіі (Міхал Пясецкі з сям’ёй з пачаткам І-й сусветнай вайны эвакуіруецца ва Уладзімір) для яго скончыўся трагічна: паспрабаваўшы пераканаць гімназійнага інспектара ў сваёй рацыі з дапамогай рэвальвера, Сяргей апынуўся ў турме. Аднак спрытны юнак неўзабаве ўцякае з турмы і акунаецца ў тагачасны вір рэвалюцыйных падзей. Жудаснасць бальшавіцкага тэрору настолькі яго ўразіла, што ў Мінск у 1918 годзе ён прыязджае свядомым антыкамуністам. Да 1921 года Пясецкі ваюе з бальшавікамі спачатку ў шэрагах беларускай партызанкі (атрады “Зялёнага Дуба”), пасля ў польскіх вайсковых фармаваннях, а затым пераязджае ў РАКАЎ, мястэчка каля Мінска, што ў выніку Рыжскай мірнай дамовы становіцца польскім памежным пунктам і фактычна сталіцай кантрабандыстаў. На працягу пяці гадоў Пясецкі займаецца кантрабандай, адначасова выконваючы на тэрыторыі Беларусі функцыі агента польскай ваеннай разведкі.

У 1927 годзе польскі суд асуджае Пясецкага за рабаўніцтва на 15 гадоў турмы. Менавіта там, на сёмым годзе зняволення, у вязня прачынаецца літаратурны дар. Першы раман “Пяты этап”, напісаны ў 1934 годзе, канфіскавала турэмная цэнзура. Толькі раману “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, прысвечанаму “кантрабандысцкаму” перыяду жыцця Сяргея Пясецкага, пашчасціла ў 1937 годзе выйсці за турэмныя сцены і быць апублікаваным. Дзякуючы гэтаму твору хворы на сухоты аўтар не толькі атрымаў сусветную славу і вядомасць (за два перадваенныя гады раман быў перакладзены і выдадзены на 11 моваў свету), але і быў датэрмінова вызвалены з турмы.

Падчас вайны Пясецкі ўдзельнічае у фармаваннях Арміі Краёвай на Віленшчыне, а ў 1946 годзе эмігруе на Захад, спачатку ў Італію, потым у Вялікабрытанію. Растанне з сям’ёю, што засталася ў Польшчы, жыццёвыя цяжкасці эмігранта не зламалі пісьменніка, загартавалі ягоную волю і літаратурны талент. Пясецкі пісаў аж да самай сваёй смерці ў 1964 годзе (пахаваны ў Гастынгсе, Вялікабрытанія). Ягонаму пяру належаць 12 раманаў, а таксама навэлы, кінасцэнарыі, публіцыстычныя артыкулы. Па творах пісьменніка здымаліся мастацкія фільмы і тэлевізійныя серыялы.

Пятро Рагойша Беларускія законы Гасцёўня


Rambler's Top100 Белорусский рейтинг RATING ALL.BY